Як я Адама Глобуса знайшоў

Ёсьць такі беларускі пісьменьнік Адам Глобус. Калі мы праходзілі сучасную беларускую літаратуру ў школе, настаўніца “раздала” некаторым з нас розных сучасных беларускіх аўтараў, пра якіх трэба было знайсьці стандартныя біяграфічныя зьвесткі, каб потым расказаць астатнім вучням. “Зьвестак мала, не пужайцеся”, - сказала настаўніца, а я атрымаў Адама Глобуса. Дзіўным падалося і імя і прозьвішча. Сучасная беларуская літаратура ў сёмым ці восьмым класе мала каго цікавіць. Як і расейская альбо французская. Ды наогул літаратура. Быў прыкладна 2000 год. Тады рэфераты мы яшчэ пісалі ад рукі на аркушах фармату А4, а інфу для іх шукалі ў бібліятэках, у кніжках. Слова інтэрнэт тады яшчэ не існавала, прынамсі, для мяне. Я і пайшоў у бібліятэку. Не помню, у каторую спачатку, але схема магла быць прыкладна такая: школьная бібліятэка - мікрараённая бібліятэка – гарадская бібліятэка. Галоўнае , што было іх некалькі, а гэта значыць, што інфу было вельмі цяжка знайсьці. І гэта значыць, што я вельмі злаваўся, бо, па-першае, трэба было ехаць у гарадскую бібліятэку (а лянота ж!), а па-другое, здавалася, што я атрымаю траяка за тое, што так мала знайшоў. А знайшоў я літаральна некалькі сказаў, маленькі абзац, калі пазьбіраць усё ў кучу: дата і месца нараджэньня, сапраўднае імя, назвы некалькіх твораў. Мо які вершык яшчэ. І ўсё.
Расказаў іншым, сеў на сваё месца ды забыўся назаўсёды пра таго дзядзьку. А праз 12 гадоў набыў сабе электронную чыталку і запампаваў на яе між іншым “Койданава” таго самага Глобуса. “Койданава” вельмі спадабалася. Потым запампаваў іншыя ягоныя кнігі. Палез у вікіпедыю нават, каб паглядзець нарэшце, што гэта за ён, той, пра якога я нічога не знайшоў калісьці. Дарэчы, пра Глобуса чуў альбо чытаў часам ў медыях, ведаў, што асоба ён даволі вядомая, але не шукаў дагэтуль нічога пра яго. Цікава, што прозьвішча заўсёды асацыявалася з металічным “глобусам”: такія можна было ўбачыць на спартыўных пляцоўках каля школ альбо ў дзіцячых садках. Дык вось калі я залез у вікіпедыю, трапілася і адразу ўспомнілася назва аднаго з ягоных зборнікаў - “Адзінота на стадыёне”. І тут я зразумеў, што менавіта праз слова “стадыён” у мяне і ўтварылася тая асацыяцыя  Глобуса пісьменьніка з металічным глобусам са стадыёнаў альбо спартыўных пляцовак. Другой маёй ягонай кнігай была “Толькі не гавары маёй маме”. Знайшоў там гэткія радкі: “Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат – ён дурнейшы, тое-сёе варта і не пачуць і дараваць”. Пра тэорыю “малодшага брата” я даўно ўжо казаў некаторым са сваіх знаёмых альбо недзе ў тырнэтах посьціў. Звычайна не згаджаліся са мною. Вядома, ніхто ж не хоча прызнацца, што зь яго дурня робяць на дзяржаўным, а нават міждзяржаўным узроўні. А яшчэ літаральна за дзень да таго, як я дачытаў да апавяданьня пра забойства ката, у мясцовай газеце прачытаў пра тое, як нейкі малалетка (чамусьці, што ён шаснаццацігадовы быў, узгадваецца) нацкаваў свайго сабаку на ката і сабака ката таго загрыз. Нейкая кабета праяжджала міма, убачыла гэта, выбегла з машыны, прасіла хлопца адцягнуць сабаку, але той толькі адвярнуўся ды пайшоў дадому, сабака за ім, кот сканаў. Вось так я перажыў два забойствы катоў за два дні, газетнае і глобусаўскае. Яшчэ аўтар напісаў пра зьдзейсьненныя жаданьні. Што яны нікому не патрэбныя: “Вось хацелася нечага да вар’яцтва, да самазабыцця, да самагубства, да самазнішчэння, і раптам дасягнулася, зрабілася, здзейснілася запаветнае жаданне – спустошаннасць, разгубленнасць, расчараванне. Было і няма. І як сорамна за мізэрнасць жаданняў?!”. Таксама блізка да маіх думак на гэты конт. Нядаўна ж спрачаўся з сяброўкай пра тое, што мары не павінны ажыцьцяўляцца, што яны павінны быць недасяжныя. Усё астатняе павінна называцца планамі ды намерамі. Вось ім можна зьдзяйсьняцца. Бо калі ажыцьцяўляецца мара, у жыцьці робіцца на адну мару менш. Гэта страта. Ну і гэдак далей. Здаецца, спадар Адам мае падобныя думкі. 

Як беларусы па-расейску размаўляюць.

Шмат што можна пачуць у бок беларускай мовы ад расейскамоўных беларусаў. Што пазітыўнае – не часта. У кожным разе расейскамоўныя беларусы супрацьпастаўляюць беларускай мове расейскую, мяркуючы, што мова, на якой яны размаўляюць, гэта і ёсьць расейская. Ну, няхай сабе так мяркуюць і далей, толькі расейцам пра гэта не гавораць, бо тыя будуць вельмі сьмяяцца. Таму што беларусы, за рэдкім выключэньнем, не размаўляюць па-расейску. Нават калі яны пазбавяцца тыповых сваіх слоўцаў тыпу “тудой\сюдой\кудой” альбо “шуфлядка”. Нават калі парастануць казаць “пОняла” і “звОнит”, “хочете” і “едь” і іншыя “галёнки”. Нават калі перастануць страшна дзекаць і цекаць у словах “день” і “тень”, а таксама якаць і акаць у словах “язык”, “часы” (бо трэба [йизык] і [чисы]). Нават калі забудуцца на свае родныя зацьвярдзелыя “ч” і “р” у “часть” і “речка” і навучацца казаць “щука” замест “шчука”. Нават тады іхняя расейская будзе толькі гэткім паўночна-заходнім дыялектыкам, бо акрамя ўсіх узгаданых “пастак” застаецца вымаўленьне ды інтанацыя. Фанетыка, калі адным ды ёмістым словам. Вас адразу пазнаюць, няма сэнсу хавацца за ўсе гэтыя “чо” і “давече-намедни”. 

Астравец: чаму гэта можа палохаць?

Калісьці Беларусь адмовілася ад мірнага атаму на сваёй тэрыторыі. Чарнобыльская трагедыя, яе наступствы прымусілі тады кіраўнікоў краіны пайсьці на гэты крок: ніякай зброі, ніякіх рэактараў. Прайшоў час і сёньня эканамічныя рэаліі прымушаюць па-іншаму паглядзець на той самы мірны атам. Сёньня нам ён патрэбны, кажуць нам. Можа хоць трошкі дапаможа гаспадарцы, якая гіне. Тое, што гаспадарка гіне, вядома, не кажуць, але што дапаможа, кажуць. Запэўнілі народ, што на тэхналёгіях эканоміць не будуць, што пабудуюць станцыю надзейную, бясьпечную (Дарэчы, пісалі ж неяк, што атрымалася нейкія там крохі зьберагчы падчас будоўлі. І добра – хто ж не парадуецца лішняй капейцы падчас крызісу?). І вось – будуюць. Ці яна бясьпечная? Хто ж яе ведае. Пра ўсе станцыі кажуць, што яны бясьпечныя, што надзейныя. Але ж яны ўсё роўна гараць. Таксама як падаюць надзейныя самалёты, выбухаюць надзейныя ракеты, развальваюцца надзейныя дамы. Гэта ўсё тэхніка, да якой пытаньняў няма, бо яны, пытаньні, заўсёды скіраваныя напрыканцы да людзей, якія самі па сабе ненадзейныя. Менавіта яны, звычайна, самы слабы элемент у розных сістэмах.
Пра Чарнобыль мы, здаецца, пакуль яшчэ не забыліся. Але ці добра помнім, ШТО менавіта здарылася? Ці сам выбух на станцыі быў самым страшным здарэньнем тады? Ці рэакцыя на яго? Дакладней, яе адсутнасьць. Улада тады спалохалася. Яна магла спалохацца чаго заўгодна. Як слабы ды няўпэўнены чалавек, які не ведае, зь якога боку чакаць чарговую абразу. Галоўным чынам тыя, хто кіраваў краінай на працягу 60 гадоў, адчулі, што крэслы пад імі захісталіся, альбо вось-вось захістаюцца. І менавіта страх тых людзей прывёў да тых жудасных вынікаў. Дарэчы, магчыма, што сапраўдныя памеры трагедыі, мы пачнем разумець і бачыць толькі праз некалькі дзесяцігодьдзяў. Невядома, калі б радыяцыя не дайшла да Швэцыі, ці паведамілі б нам наогул пра тое, што здарылася на станцыі. Вялізная краіна дажывала свае апошнія гады і тое здарэньне адразу выкрыла ўсе яе заганы, усе хворыя месцы разам: абсалютная бездапаможнасьць самастойна прымаць рашэньні мясцовымі ўладамі без загадаў “адтуль”, дрэнная падрыхтоўка славутай грамадзянскай абароны, адсутнасьць арганізаванасьці ці не на ўсіх узроўнях і г.д. Бо была ж пасяўная, бо напярэдадні сьвяты, бо нельга панікаваць, бо “прымаюцца меры”, бо, бо, бо.
 Адным словам, можна бясконца апісваць, што дрэннага было. Але як гэта датычыцца новай станцыі ў Астраўцы? А так, што сёньняшнія беларускія ўлады мала чым адрозьніваюцца ад тагачасных савецкіх. Не за надзейнасьць станцыі страх, а за тое, што, як і тады, калі што здарыцца, ніхто нам нічога не скажа. Палітыкаў і кіраўнікоў у краіне няма (а калі і ёсьць, дык іх ніхто ніколі не пачуе), ёсьць надзейныя марыянэткі, якія самастойных думак не маюць і большасьць з якіх працавала яшчэ пры той уладзе і, адпаведна, пераймае ды выкарыстоўвае яшчэ тыя метады кіраваньня: абяцаць ды хлусіць. Колькі было ўжо гэтых абяцанак-цацанак за апошнія гады? Колькі там сёньня павінен быць наш заробак? 500 даляраў? Ці ўжо 1000? Колькі разоў чарговыя галоўныя банкіры казалі, што “ніякай дэвальвацыі ў нас ня будзе”? Колькі разоў яе ўжо не было? Колькі разоў нам рапартавалі, што вось, падымаецца гаспадарка, глядзіце, якія рэпартажыкі кляпае бт? А колькі разоў нам у навагоднюю ноч казалі, што год быў ня лёгкі, але ў наступным трэба яшчэ патрываць трохі? Усе гэтыя “колькі” можна палічыць, дарэчы, а вось што сапраўды нельга палічыць, дык гэта напаміны пра пагрозы, якія атачаюць Беларусь, і якія так і чакаюць, каб мы схібілі, не заўважылі, падпусьцілі. Але ня схібім, заўважым, не падпусьцім! З вамі. Мы. Разам. Вось так сказаў “мы” і адразу палову адказнасьці з сябе скінуў. А потым, калі грошы скончыліся, вінаваты зрабіўся “народзец”. У іх заўсёды хтосьці вінаваты, хтосьці іншы і ніколі яны самі.
 То бок, рэактар новы паставіць можна, безумоўна, але калі ім будуць кіраваць тыя ж людзі, бясьпекі ў краіне не пабольшае.

Родной язык тот, на котором думаешь.

     Гэткае сьцверджаньне часам можна пачуць ад расейскамоўных беларусаў у якасьці найбольш сур’ёзнага аргумента за тое, чаму яны не размаўляюць па-беларуску. Супярэчлівая думка. Але толькі да пэўнага моманту. А на якой мове мы наогул думаем, спадарства? Заўсёды ж здавалася, што на той, на якой мы размаўляем з бацькамі, на якой мы вучыліся ў школе, на якой мы глядзім фільмы ды чытаем кніжкі, на якой мы... думаем. Усё гэта так. Але толькі да пэўнага моманту. Да зьмены асяродьдзя, у якім чалавек жыве. Моўнага асяродьдзя, перш за ўсё. Калі чалавек не валодае ніводнай замежнай мовай, ён не зразумее гэтага паста. Той, хто проста валодае нейкай замежнай мовай, зразумее яго толькі часткова. А той, каму давялося пажыць за мяжой працяглы час, той зразумее і, напэўна, пагодзіцца.
     Калі я правучыўся ў Польшчы год сярод рускамоўных студэнтаў з краін былога СССР, польская мова ў мяне была толькі на занятках ды ў крамах. Калі другі год я пражыў у іншым горадзе сярод выключна палякаў і папрацаваў з палякамі, тады я пачаў думаць па-польску. Я пачаў сьніць сны па-польску. Я пачаў размаўляць сам з сабою (ёсьць грэх такі ў мяне) па-польску. Вось тады я і зразумеў усю бязглуздасьць тытульнага меркаваньня. Мы думаем на той мове, на якой мы існуем. Альбо ў (унутры) якой мы існуем. Больш за тое, калі мне давялося пажыць год у Германіі, я, каторы так ніколі і не вывучыў нямецкую мову дасканала, але каторы працаваў у нямецкім рэстаране, нават там пачаў думаць па-нямецку і сьніць нямецкія сны. Ну, вы разумееце...
     Навошта я ўсё гэта тут вярзу наогул? Трэба было яшчэ ў пачатку ўзгадаць пра другі “моцны” аргумент расейскамоўных беларусаў: “потому что я сам выбрал, на каком языке мне говорить”. Вельмі цікава. Вельмі. Пра выбар  у нашай краіне наогул заўсёды цікава паразмаўляць, не? Дык вось, беларусы сьцьвярджаюць, што яны выбіраюць расейскамоўныя школы, расейскамоўныя каналы на ТБ, расейскамоўных цётак у крамах, расейскамоўных дэпутатаў, расейскамоўных саладух і г.д. Гэта ўсё таму, што яны не ведаюць пра Вялікую Таямніцу. А Вялікая Таямніца кажа, што выбар гэта тады, калі ёсьць хаця б два аб’екты. Калі б малы беларусік прыходзіў у першы клас і яго ставілі б перад дзьвюма дзьвярыма, за адной з каторых была б беларускамоўная школа, а за другой – расейскамоўная, і ён ВЫБІРАЎ расейскамоўную, тады можна было б казаць, што вось чалавек зрабіў свой выбар. Альбо калі б у нас здымалі беларускамоўных фільмаў столькі ж, сколькі расейскамоўных, і ўжо трохі падрослы беларусік купляў бы квіток на расейскамоўны фільм, тады можна было б казаць пра ВЫБАР. Ну і гэтак далей. ВЫБАР ёсьць тады, калі ёсьць з чаго ВЫБІРАЦЬ. А пакуль што становішча такое, што за нас даўно выбралі паўсюль усё.
     Што з гэтым рабіць? Каб любіць Беларусь, нашу мілую маму, трэба ў розных краях пабываць – вось што рабіць. Гэта першае. Яно дапаможа зразумець, што мовы ў галовах могуць розныя існаваць. Адначасова. Калі я напішу пра другое шчыра і падрабязна, па мяне прыедзе КДБ, таму я напішу карацей: патрэбныя прынамсі шчырыя 50%. Гэтага будзе дастаткова, каб памяняць беларускія мазгі (а беларускія мазгі трэба мяняць, так). 50% беларускамоўных фільмаў, 50% беларускамоўных каналаў на ТБ, а галоўнае – 50% беларускамоўных школ ды ўнівераў\інстытутаў\ліцэяў. І ўсё, гэтага будзе дастаткова, каб у беларускіх галовах адбыліся незваротныя зьмены. Пазьней яшчэ падрабязьней пра гэта напішу.  

Мая беларусізацыя

     Каб прыйсьці да беларускай мовы, мне спатрэбілася 27 гадоў. Лічу, што мне пашанцавала, бо першыя два гады ў школе я вучыўся па-беларуску. Цяпер ня верыцца, цяжка нават уявіць сабе, але тады гэта было абсалютна натуральна. Дарэчы, сям’я ў нас рускамоўная. Бацькі беларусы, размаўляюць па-руску, але яны не супраць беларускай мовы ды беларушчыны. Першыя гады ў школе. Усё па-беларуску. На матэматыцы мы пісалі пасьля вылічэньняў слова “Адказ”. Яно так прычапіліся, што яшчэ доўга пасьля таго ў рускамоўным класе я пісаў спачатку вялікую “А”, потым яе закрэсьліваў і пісаў новае для мяне “Ответ”. Памятаю, як блытаў “чырвоны” і “чёрный”. Памятаю, як часта, пішучы па-руску, пісаў “верабей”. Памятаю шмат казак на беларускай мове, падручнік “Світанак”. Дзеда-Барадзеда памятаю ды Пацу-Вацу з вуліцы Макаёнка. Калыханку пра “доўгі дзень...” таксама забыць немагчыма. Потым беларускай мовы у маім жыцьці стала менш. Школа рускамоўная, сябры дый уся краіна таксама. Але пашанцавала зноў, бо настаўніца беларускае мовы ў нас была выдатная. Маладая, хіба што па разьмеркаваньню да нас прыйшла. Яна любіла беларускую мову, а мы любілі яе. На яе занятках сапраўды было заўсёды цікава ды лёгка. Аднойчы па “бел.літу” трэба было вывучыць біяграфію Васіля Быкава на памяць і штосьці яшчэ прачытаць. Прачытаць прачытаў, а пра біяграфію забыўся. Успомніў толькі на перапынку непасрэдна перад тым самым бел.літам, калі ўбачыў, як іншыя яе паўтараюць. Я спалохаўся, што адзіны з класа не вывучыў біяграфію і за 10 хвілін вывучыў яе, як кажуць, на зубок. І можа менавіта таму мяне і выклікалі да дошкі першым і я так адтарабаніў, што настаўніца паставіла 5 і сказала: “Малайчына!”.
     Заўсёды шмат чытаў, але паступова пачаў браць і беларускія кнігі. Потым прыйшоў час на беларускія гурты. Варта адзначыць, што да таго, як я стаў размаўляць па-беларуску, мне прыйшлося зразумець, што я менавіта беларус. Магчыма, гучыць сьмешна альбо пафасна, але для мяне калісьці гэта было сапраўдным адкрыцьцём. Калі я ездіў за мяжу, то на пытаньне “вы хто\адкуль?” адказваў “рускія”. Гэта быў гэткі мой зборны вобраз, бо ёсьць “нашыя”, а ёсьць “нянашыя”. Нашыя заўсёды размаўляюць па-руску, а нянашыя гэта звычайна фашысты-немцы. Як у анэкдотах, памятаеце?
     Ну а потым мне давялося працаваць у Расеі. Працаваў у рэстаране, з рускімі і сярод рускіх. І там я заўважыў, што мы зь імі розныя. Яны не горшыя за нас, дый ня лепшыя, але яны іншыя. Я вырас пад грамадка-дзяржаўную мантру “мы – братья\мы – один народ”, а тут я на ўласныя вочы ўбачыў, што ўсё ж такі не зусім адзіны, і быў гэтаму рады. І гэта быў першы штуршок. А вось другі быў мацнейшы. Калі я вучыўся ў Польшчы, у мяне пыталі, як “па-нашаму” тое ці іншае слова, і я заўсёды падаваў варыянт з рускае мовы. А аднойчы мяне запыталі, чаму я размаўляю па-руску, калі я з Беларусі. Я неяк нічога і не адказаў. Мне стала сорамна. Я стаяў, на мяне глядзелі, чакаючы адказу, але я проста маўчаў. Я мог сказаць звычайнае нашае “бо ў нас дзьве дзяржаўныя мовы і кожны сам вырашае на якой размаўляць”, альбо трохі радзейшае “я разумею беларускую, але не хачу размаўляць з памылкамі”, альбо наогул нашае таемнае, пра якое мы нікому не гаворым “бо гэта калгасная мова, а я круты пацан і буду гаварыць на нармальнам языке, пОняла?”. Нічога з гэтага я не адказаў. Я проста пачаў размаўляць па-беларуску. Because I can, і ўсё. Спачатку был страшнавата і няёмка. Але з кожным разам, з кожным словам станавілася лягчэй ды цікавей. Сапраўды, вельмі цікава і весела назіраць за реакцыяй людзей, калі яны чуюць беларускую мову. Як яны бянтэжацца спачатку. Як некаторыя спрабуюць штосьці адказаць па-беларуску і выдаюць жэстачайшую першаякасную трасянку ад нечаканасьці. Як усьміхаюцца. Як часамі адказваюць “калі ласка” альбо ”да пабачэньня”. Неўзабаве некалькіх сяброў на свой бок перацагнуў. Прынамсі са мною яны цяпер па-беларуску размаўляюць. У маім арсэнале 5 моў ужо. Магу сказаць, што беларуская мова, як і іншыя, пашырылі мой сьвет яшчэ на трошкі. Дзякуй ёй!

Чаму 83%?

Колькі працэнтаў прагаласавала за АРЛ? Альбо прагаласавала Б, калі выбары былі б шчырымі, без "добровольно-принудительной" "дапамогі" з боку вайскоўцаў, студэнтаў ды міліцыянтаў? Вядома, што не 83, а значна менш. Няхай, не менш за палову, але менш за афіцыйныя 83%. Напэўна, сярод вашых знаёмых на сёньняшні дзень засталося ня так шмат людзей, якія шчыра падтрымліваюць уладу. Магчыма, іх было больш раней, але за 20 гадоў абяцанак наеліся нават самыя адданыя прыхільнікі бацькі і недзе глыбока ў душы, жадаюць яму... рознага жадаюць. Вазьміце кола сваіх знаёмых, сваякоў, калег, ворагаў, суседзяў і г.д. З большага вы ведаеце, каго яны падтрымліваюць, альбо каго не падтрымліваюць. Набярэцца зь іх 83%? Я нават не буду пісаць “наўрад ці”, бо я ведаю напэўна, што не набярэцца.
Выбары прайшлі. Абвяшчаюць вынікі. Што было б, калі б абвясьцілі пра 60%? А было б наступнае. Па-першае, тыя 60% убачылі б, што насамрэч ня так ужо ўсё адназначна добра і стабільна, як пра гэта баюць на дзяржаўным ТБ. Калі існуюць 40%, якія супраць, якія не згодныя, дык гэта ж шмат. Гэта ж амаль кожны другі. А калі пра гэта кажуць адкрыта, значыць можна ўжо не баяцца казаць тое, што ты на самой справе думаеш. Па-другое, тыя 40% адчулі б упэўненасьць у сваіх перакананьнях ды меркаваньнях. Яны б убачылі, што яны, незадаволеныя, нязгодныя, існуюць і што іх шмат, толькі трохі менш за палову. Значыць трэба... “Нічога не трэба,” – думае ўлада і малюе 83%. І тады тыя патэнцыяльныя 60% вераць, што яны па адзін бок з абсалютнай большасьцю, а патэнцыяльныя 40% зноў думаюць, што “што я адзін зраблю”, бо “зноў вунь панамалёўвалі...”.
Калі коратка, то за гэтымі 83% хаваецца элементарны страх. Дарэчы, страх з двух бакоў, на жаль.

Ну, "За беларускамоўную Беларусь!"

Па-беларуску ў Беларусі.
1.
Паехаў вучыцца ў Еўропу, захварэў на беларускамоўнасьць. Вярнуўся ў Беларусь, паехаў да бабулі ў вёску. Зьбіраў зьвесткі пра сваякоў, пра продкаў, даўно займаюся гэтым ужо. У вёсцы давялося шмат размаўляць з рознымі бабулькамі. Зразумела, па-беларуску. І не так, як у горадзе, калі ты па-беларуску, а табе – па-руску. Прынамсі на захадзе Беларусі ў вёсках беларуская мова ў даволі (адносна) добрым стане. Але вось у пэўны момант, адна з бабулек кажа: “Бачыце як ён добра па-польску балакае ўжо, не дарма столькі ў Польшчы правучыўся!”. Гэта яна сказала на беларускай мове. Польскага акцэнту ў мяне няма, польскай лексікі - таксама. Тыя бабулькі ды іхнія дзядулькі лічаць сябе палякамі, бо ўсе яны каталікі там. Вось і думай, як да гэтага ставіцца. З аднаго боку, беларуская мова нібыта і жыве ( відавочных польскіх словаў я там ніколі ня чуў, дарэчы), а з другога, что такое беларусы гэтыя беларускамоўныя людзі, можа, і не вельмі добра разумеюць.
2.
Атрымліваю на пошце пасылку з інтэрнэт-крамы. Пасылка падпісаная па-беларуску. Цётка-аператар (як яны называюцца?) пытае, ці не ведаю я, як прозьвішча таго, хто дасылаў, па-руску гучыць. Я кажу не ведаю, але ж ў пашпартах у кожным разе ёсьць беларуская версія, таму праблем быць не павінна ніякіх. Пачуў вось што ў адказ: “Да, просто у меня русская клавиатура.”
3.
Купляю ў крамцы цукар і воцат. Разумеў, што з воцатам “будуць цяжкасьці” у крамніцы, таму, калі яна перапытала, паказаў пальцам на бутэльку з воцатам і паўтарыў: “воцат, калі ласка”. Пасьля гэтага атрымаўся наступны дыялог:
- Вы просто не по-русски говорице, я не пОняла.
- Па-беларуску, у Беларусі ж жывем.
- Не знаю, я беларуский не учыла
- Шкада.
- Чыво шкада, набарот нармальна.
Канешна нармальна.
To be continued, на жаль...

Мова. Сonnecting people?

Размаўляеш вось з палякамі па-польску і яны заўсёды даволі станоўча ставяцца, калі дазнаюцца, што ты не паляк. Размаўляеш з немцамі па-нямецку і сітуацыя паўтараецца: нам прыемна, што ты вывучыў нашую мову, няхай і размаўляеш ты з памылкамі - нам не перашкаджае. Размаўляеш з англічанамі і жыхарамі дзясяткаў іншых краін па-англійску і адчуваеш, якім блізкім робіцца гэты сьвет, як мова аб'ядноўвае. Размаўляеш з расейцамі па-руску, таму што гэта іхняя мова. З украінцамі можаш пагаманіць па-беларуску – бо зразумеюць. І адкажуць па-украінску, бо зразумееш ты. Ніхто не саромяецца адказваць на сваёй роднай мове. І толькі ад беларусаў чую, што “у нас два государственных языка”. Вучыце, калі ласка, мовы! Хаця б сваю.